07.10.08
Новости » Новости Лидчины
» Ліду «састарылі», але праблемы яе памаладзелі
Выпадак, можна сказаць, унікальны: краязнаўцам удалося пераканаць мясцовыя ўлады – пачаткам гораду можна паўнапраўна лічыць 1323 год

Тады Вялікі князь Гедымін стаў будаваць тут замак, што ў напаўразбураным стане захаваўся да нашых дзён. Дагэтуль афіцыйна, з савецкіх часоў лічылася: Ліда заснаваная ў 1380 годзе, гэтая дата была і на каменным знаку на ўезьдзе ў горад з боку Горадні, але яе замянілі.

Такім чынам, кажа краязнаўца, журналіст і паэт Станіслаў Суднік, заснавальнікам Ліды можна лічыць Гедыміна. Значыцца, можна ўсур’ёз разьлічваць – улады калісьці выканаюць абяцаньне і паставяць конную статую Вялікаму князю. Аднак да расчараваньня краязнаўцаў і літаратараў, мясцовых удзельнікаў рыцарскага клюбу гэты помнік перад замкам так і не зьявіўся. Замест яго насупраць цытадэлі паставілі статую "савецкага камандзіровачнага": ён сядзіць на валізе, якраз перад уваходам у гасьцініцу "Ліда".

Мы са Станіславам Суднікам убачыліся на плошчы, дзе праходзіла сьвяткаваньне 685-годзьдзя. Ён пахваліўся: да сьвята ўдалося выдаць нумар часопіса "Лідзкі летапісец", а таксама некалькі кніжак з творамі лідзкіх аўтараў. Яму таксама атрымалася надрукаваць свой зборнічак вершаў "Лідзкія скрыжалі". А тым часам удзельнікі касьцюмаванага прадстаўленьня таньчылі і распавядалі па-беларуску пра дзеі лідзкай мінуўшчыны.

Завяршылася першая частка сьвята шэсьцем, бо парадам назваць гэта не выпадала: пад дажджом пранесьці вялікі чырвона-сіні сьцяг Ліды з гербам – леў і скрыжаваныя ключы на шчыце, далей прайшлі салдаты нібы Вялікай Айчыннай вайны, цалкам апранутыя ў белае працаўнікі мясакамбінату, а сьледам – іншых заводаў. Праўда, прайшлі таксама два ўзводы вайскоўцаў – памежнікі, за імі авіятары. Мяне крыху зьдзівіла гэта: памежнікі ў горадзе адносна нядаўна, а вось ваенны аэрадром Ліда мае з часоў Першай сусьветнай вайны.

На сьвята прыехаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, павіншаваў. Лідзкі раённы галава Андрэй Худык лічыцца моцным гаспадарнікам, праводзіць у горадзе штогод эканамічныя форумы, прамысловую выставу, ён і на культуру грошы не шкадуе, да сьвята цэнтар адрамантаваў. Аднак ад лідчукоў мне давялося пачуць: яго пазыцыі хісткія ў іншым – праблемы са СНІДам, а таксама з нараджальнасьцю ў горадзе, кажуць, яшчэ з донарскай крывёй апошнім часам зьявіліся праблемы. Донары спадзяваліся, што зь першага кастрычніка за яе будуць больш плаціць і зьнізілі актыўнасьць, але цану на кроў не паднялі.





Алесь Кавалёў
BulletinOnline.org

Все права сохранены  ©  Город Лида - город мечты - Новая Лида

Перепубликация материалов, возможна только с устного или письменного разрешения администрации сайта!

https://lida.in/news/a-469.html