21.02.11
Новости » Беларусь
» Усе казкі братоў Грым выйдуць на беларускай мове

Карыфеі кажуць: на беларускую мову можна перакласці нават вершы на суахілі. Галоўнае — талент перакладчыка і яго жаданне данесці да сваіх землякоў іншаземныя моўныя і сэнсавыя вынаходствы.

Карыфеі кажуць: на беларускую мову можна перакласці нават вершы на суахілі. Галоўнае — талент перакладчыка і яго жаданне данесці да сваіх землякоў іншаземныя моўныя і сэнсавыя вынаходствы.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп лічыць, што перакладзеная на беларускую мову сусветная класіка з’яўляецца сапраўдным “залатым запасам” нацыі. Нягледзячы на тое, што аматараў чытаць па-беларуску, на жаль, няшмат, перакладчыкаў у нас багата. Асабліва моладзі. Некаторыя працуюць над любімымі творамі, нават не спадзеючыся, што кніга выйдзе.

— Раней перакладамі займаліся амаль усе літаратары, — расказвае Віктар Анатольевіч. — Сёння існуе даволі дакладны падзел на пісьменнікаў і перакладчыкаў. Хацелася, каб выходзіла больш кніг, гэта зразумела. Але ганарымся і тым, што ўжо ёсць. Напрыклад, наша серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”. У рамках праекта выходзіць прыблізна па адной кнізе штогод.

У свой час пераклад Рыгорам Барадуліным вершаў знакамітага іспанскага паэта натхніў цэлае кола беларускіх літаратараў на стварэнне ўласных твораў, якія трошкі нагадвалі стылістыку “барадулінскага” Лоркі.

Перакладамі сусветнай класікі, асабліва дзіцячай, сёння ў асноўным займаюцца прыватныя выдаўцы. Напрыклад, за апошнія два гады ў гэтай справе гучна заявілі аб сабе “Галіяфы”. У 2009 годзе свет пабачыла таямнічая казка Вільгельма Гаўфа “Халоднае сэрца”. Цікава, што пераклад склаў 230 старонак, у той час як арыгінал мае не больш за 60 старонак. Аўтар Альгерд Бахарэвіч фактычна стварыў новы раман па-беларуску. Пасля самой казкі ён напісаў пасляслоўе пра пакуты перакладчыка. Атрымаўся постмадэрнісцкі правакацыйны тэкст.

— Я лічу, што на беларускую мову перакладзена катастрафічна мала твораў сусветнай класікі, — кажа пісьменнік і дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў. — Летась выйшаў твор Дзікенса “Олівер Твіст”. Гэта трэба было зрабіць яшчэ 20 гадоў назад! Кожная кніжка — гэта свая песня і драма: пошук спонсараў, грантаў... Праз некалькі гадоў мы выдадзім усе казкі братоў Грым. Альгерд Бахарэвіч, які займаецца зараз перакладам, падрыхтаваў ужо каля 30 казак. Зусім хутка чакайце “Алісу ў краіне цудаў”.

Дарэчы

Кристофер Робин - Крыштусь Родзька
Красная Шапочка - Чырвоны Каптурок
Винни-Пух - Вiня-Пых (Файны Пуф у перакладзе Інэсы Кур’ян)
Пятачок - Прасючок
Слонопотам - Мамантук
Властелин колец - Уладар пярсцёнкаў
Малыш и Карлсон - Малы і Карласан з даху
Золушка - Папялушка
Пеппи Длинныйчулок - Піпі Доўгая Панчоха

Все права сохранены  ©  Город Лида - город мечты - Новая Лида

Перепубликация материалов, возможна только с устного или письменного разрешения администрации сайта!

https://lida.in/news/read/Use_kazki_bratou_Grym_vyjduc_na_belaruskaj_move.html