Курсы валют
Пользователь
Поиск
|
Лідскі замак у мастацтве: Язэп ДраздовічЯзэпа Драздовіча - гэты чалавек вядомы як мастак, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, этнограф, фалькларыст, пісьменнік. Ён нарадзіўся ў засценку турмы Дзісненскага павета 13 кастрычніка 1888 г. Пасля навучання ў Вільні ў акадэміка Трутнева, ён працуе як мастак-ілюстратар, афармляе, напрыклад, кнігу "Курганная кветка" Канстанцыі Буйло. У гэты ж час падоўгу сядзіць ў бібліятэках, вывучаючы працы па геаграфіі, геалогіі, астраноміі, гісторыі культуры. У 1915 годзе Драздовіч выдае серыю сімвалічных малюнкаў і перадае яе ў Пецярбург прафесару Эпімаху Шыпіле. Цікавасць Я. Драздовіча да гісторыі, зведання яе таямніц прысутнічае ва ўсёй яго творчасці. Дыяпазон яго прац: ад замалёвак сярэднявечных замкаў да вобраза легендарнага князя-чарадзея Ўсяслава. Язэп Драздовіч - фенамен беларускасці... У гэты час Язэп Драздовіч і замалёўвае Мірскі замак, руіны замкаў у Наваградку, Крэве, Лідзе. У 1929 г. выйшаў цэлы альбом "Ліда". Самыя вартыя з іх аркушы - "Выгляд замчышча з паўднёва-заходняга боку" і "Паўночна-заходняя сцяна замка". На першым малюнку - старажытнае мураванае ўмацаванне лёгка ўзвышаецца над вакольнымі хатамі, пануе над мясцовасцю. Вельмі пластычна пададзена паўночная сцяна забудовы з цікавым пярэднім планам. Унізе, каля дарогі, стаіць студня з адмысловай стрэшкай. На ўзгорку пры замкавым муры ўзнялі гарызантальна выцягнутыя кроны дзве старыя сасны, што нагадваюць італьянскія пініі. Аб гэтых соснах у горадзе расказвалi легенды. Казалi, што гэта сёстры - княжны зачараваныя чорнакнiжнiкам, цi што гэта два святара забiтыя паганамi (насамрэч у 1369 г. манахаў- францішканаў пазабівалі паганы), казалi, таксама, што пад соснамi ляжыць старжытны рыцар, якi абавязкова абудзiцца падчас вялiкай бяды баранiць наш край, цi што гэтыя дрэвы плачуць крывавымi слязамi, калi наша Радзiма мае вялiкую бяду."Учора і сёння меў прыемнасць аглядаць велічава прыгожыя муры, як старажытнейшы помнік нашай краёвай беларускай архітэктуры". У адрозненне, напрыклад, ад Напалеона Орды, які, малюючы помнікі, часам выступаў перад гледачом бясстрасным фіксатарам бачанага, які "здымае кальку" з натуры, Драздовіч, наадварот, укладвае ў малюнак душу, паэтызуе выяву, уздымае яе над будзённасцю. Выдатнае пачуццё кампазіцыі, сілуэта, архітэктонікі, пейзажу і разам з тым вялікая дакладнасць ліній, штрыха, пераканаўчасць малюнка. Цікава, што на асобных графічных аркушах намаляваны ледзьве не кожная цаглінка, травінка, каласочак, пясчынка; і тым не менш малюнак скрозь захоўвае цэласнасць і нідзе не дробіцца на фатаграфічны "пералік" дэталей. Уражвае рэдкі лаканізм мастакоўскай манеры: пакладзена роўна столькі штрыхоў, колькі трэба - ніводнага лішняга. Пры гэтым аркушы непаўторна святочныя, урачыстыя, захоўваюць шчырасць і чалавечую цеплыню. Такім яркім, пераканаўчым малюнкам мог валодаць толькі чалавек з выдатнымі прыроднымі здольнасцямі, тэмпераментам і фантазіяй, беспамылковым вокам і моцнай бездакорнай рукой.На помнік дойлідства Драздовіч глядзіць адначасова вачыма мастака, этнографа і паэта. Дзіўны сплаў этнаграфічнай дакладнасці і бездакорнага густу - адметныя рысы яго малюнкаў. Адлюстраваныя ім помнікі, дрэвы, вежы заўсёды моцна стаяць на зямлі, яны як бы ўраслі ў яе. Пры гэтым зямля заўсёды трактуецца ім у прасторы, па сцежках, якія праляглі на курганах, здаецца, можна прайсці. Яго архітэктурныя ландшафты маюць другі, трэці, а часам і чацвёрты план. Краявід Драздовіча дыхае гісторыяй, а вежы замкаў, курганы напоўнены нейкай унутранай сілай, хоць знешне яны спакойныя. Графічны стыль Драздовіча вельмі своеасаблівы, адметны. Ён мадэліруе форму кароткімі роўнымі ці крыху закругленымі штрыхамі, якія нагадваюць мазкі імпрэсіяністаў. Паказваючы дрэва, мастак імітуе штрыхом лісце; малюючы зямлю, дае кароткімі штрыхамі траву, а кропкамі - пясок. Як пісалася ўжо, ён часам з аднолькавай увагай мадэліруе пярэдні і задні планы. Аднак прадметы задняга плана, нягледзячы на досыць дэталёвую апрацоўку, ніколі не "лезуць" на гледача, а дадзены ў перспектыве, "сядзяць" на сваім месцы. "Мяне яшчэ пашукаюць", - гаварыў Язэп Драздовіч у апошнія гады свайго жыцьця, вандруючы па вёсках Дісненшчыны. Гэтыя словы можна аднесці і да іншых беларускіх мастакоў, імёны якіх доўгі час нават не ўспаміналіся, а зараз мы шукаем звесткі пра іх творы. Але, на жаль, многае з духоўнай спадчыны беларускага народа ўжо беззваротна страчана.
Опубликовано:11.08.11, Просмотров:20654, Печать
Реклама
|
Знакомства в городе Лида
Опросы
Готовы ли Вы радикально изменить свою жизнь?
Новости страны
|
© 2024 НИРП "Новая Лида". v. Hermes. TERMS OF USE || Privacy Information. |