Журналіст "Звязды" даследаваў, ці прысутнічае нацыянальная мова на інтэрнэт-старонках асноўных дзяржаўных ведамстваў — міністэрстваў, камітэтаў, дэпартаментаў, аблвыканкамаў і інш. Аказалася, што беларускамоўная версія ёсць прыкладна на адным афіцыйным сайце з шасці.
Журналіст "Звязды" даследаваў, ці прысутнічае нацыянальная мова на інтэрнэт-старонках асноўных дзяржаўных ведамстваў — міністэрстваў, камітэтаў, дэпартаментаў, аблвыканкамаў і інш. Аказалася, што беларускамоўная версія ёсць прыкладна на адным афіцыйным сайце з шасці.

З таго часу мінула каля сямі месяцаў. І днямі наша журналістка Ала Мачалава напісала пра тое, што абедзве палаты парламента прынялі закон, які абавязвае адказваць на беларускамоўныя звароты па-беларуску.

Тым часам я вырашыў праверыць, як шануюць родную мову ў шэрагу афіцыйных ведамстваў. Гэта нескладана высветліць, напрыклад, калі праглядаеш іх інтэрнэт-старонкі. Калі кіраўніцтва арганізацыі на беларускую мову чхаць хацела, то на сайце няма нават і духу роднага слова. Калі мову паважаюць, беларускамоўная версія прысутнічае.

Такім чынам, я праманіторыў інтэрнэт-старонкі ўсіх беларускіх міністэрстваў, дэпартаментаў, дзяржаўных камітэтаў, канцэрнаў, інспекцый, аблвыканкамаў і іншых афіцыйных ведамстваў. Усяго налічыў 79 сайтаў.
Як вы лічыце, на якой колькасці з гэтых сайтаў ёсць беларускамоўная версія? Падкрэсліваю, ні ад каго не патрабуецца, каб увесь інтэрнэт-рэсурс быў складзены нацыянальнай мовай, дастаткова хоць бы частковай яе прысутнасці.
Аказалася, што родная мова прапісалася толькі на 14 інтэрнэт-старонках з 79 даследаваных:
- Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт (grоdnо-rеgіоn.gоv.bу). Адзіны аблвыканкам, чый сайт мае беларускую версію, прытым паўнавартасную.
- Нацыянальная Акадэмія навук (nаsb.gоv.bу).
- Нацыянальны банк (nbrb.bу).
- Сайт Вышэйшага Гаспадарчага суда (соurt.bу), складана прад'явіць нейкія прэтэнзіі да якасці мовы.
- Канстытуцыйны суд (kс.gоv.bу). На інтэрнэт-сайце прысутнічае поўная беларускамоўная версія.
- Савет Міністраў (gоvеrnmеnt.bу), беларуская мова стаіць у меню на першым месцы.
- Дзяржаўны памежны камітэт (gрk.gоv.bу), адзінае сілавое ведамства, на сайце якога родная мова прысутнічае па-сапраўднаму поўна.
- Міністэрства энергетыкі (mіnеnеrgо.gоv.bу), версія на роднай мове ў поўным парадку.
- Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (mрt.gоv.bу).
- Міністэрства адукацыі (mіnеdu.unіbеl.bу).
- Міністэрства абароны (mоd.mіl.bу).
- Міністэрства культуры (kulturа.bу), на інтэрнэт-старонцы ведамства беларуская мова стаіць на першым месцы.
- Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Беларусі (рrеsіdеnt.gоv.bу).
Такім чынам, яшчэ раз падсумуем: з 79 сайтаў афіцыйных ведамстваў толькі 14 маюць беларускамоўную версію. Гэта 17,7%. Ці прыкладна адзін сайт з шасці. Так выглядае двухмоўе, гарантаванае Канстытуцыяй.