06.01.11
Новости » Новости Лидчины
» У двары Лідскага замка збудуюць трохпавярховы бетонны дом
У двары Лідскага замка збудуюць трохпавярховы бетонны дом

Расказы пра "аднапавярховую драўляную казарму" не адпавядаюць рэчаіснасці.

"Звязда" даведалася, што расказы пра "аднапавярховую драўляную казарму" не адпавядаюць рэчаіснасці

Мы надрукавалі артыкул "Чаму пасярод Лідскага замка будуюць немаведама што?". У ім закраналіся дзве праблемы. Першая — у замкавай вежы ўся экспазіцыя аздобленая па-руску. А князь Радзівіл увогуле фігуруе як "Юрий Миколаевич Радзивил". Супрацоўнік Лідскага музея Валерый Сліўкін, які выканаў гэта, моцна абразіўся публікацыяй. Рэдакцыя атрымала два лісты — ад яго і ад калектыву музея. Валерый Сліўкін піша, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, таму ён, маўляў, нічога не парушыў. Фармальна яно так. Але, шаноўныя чытачы, ці не справядлівую заўвагу мы зрабілі? У 700-гадовым замку, які з'яўляецца нашым нацыянальным гонарам, варта ўсё ж пісаць таблічкі на тытульнай мове нацыі. А калі робіце акцэнт на тым, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы — дык пішыце тады на абедзвюх! Асабліва апантана Валерый Сліўкін намагаецца даказаць права на жыццё "Юрия Миколаевича Радзивила". Ці ж называлі тады людзей на сучасны капыл — з імем па бацьку? І ці дарэчна гэта на музейным стэндзе? Раз ужо пытанне перарасло ў спрэчку, мы папрасілі рассудзіць яе паважанага чалавека, аднаго з самых аўтарытэтных гісторыкаў нашай краіны — прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктара гістарычных навук Анатоля Пятровіча ГРЫЦКЕВІЧА. Спадзяёмся, прафесар Грыцкевіч будзе дастатковым аўтарытэтам для шаноўных супрацоўнікаў музея. Двор замка забудуюць ушчэнт?


— Безумоўна, у нашым выпадку, у подпісы да ілюстрацый на музейным стэндзе гэта выглядае па-пашпартнаму, занадта на сучасны манер, — пракаментаваў прафесар Анатоль Грыцкевіч. — Часам і сапраўды такое — зварот з імем па бацьку — магло здарацца, але выключна ў князёў, асабліва тых, хто паходзіў ад вялікага князя. У шляхты гэта не практыкавалася. Тым больш так, каб кожны раз ужывалася імя па бацьку, гэтага дакладна не было! Я падтрымліваю вас у вашай пазіцыі. Паколькі некаторыя з Радзівілаў займалі высокія дзяржаўныя пасады, дапускаю, што яны часам маглі пісацца з імем па бацьку. Аднак так маглі звярнуцца да князя падначаленыя, каб выказаць асаблівае прыдыханне. "Юрий Миколаевич Радзивилл", "Миколай Юрьевич "Рыжий" — на музейных стэндах гэта выглядае недарэчна!.. Тое, што часам іх маглі так назваць, — не падстава пісаць так для шырокага кола наведнікаў. Нашто лішні раз блытаць людзей? Паказваць, што князі былі практычна як сённяшнія людзі?.. Мне здаецца, музейны работнік, які пісаў гэтыя таблічкі, дарэмна ні з кім не кансультаваўся...

Што да другой праблемы, вынесенай у загаловак артыкула ад 11 снежня, сітуацыя крыху высветлілася, але пытанняў стала яшчэ больш. Нагадаю, у тым матэрыяле начальнік аддзела культуры Лідскага гарвыканкама Уладзімір САМСОНАЎ паведаміў, што ў двары замка збудуюць "аднапавярховую драўляную казарму і навес для рамеснікаў". Пасля публікацыі з Лідскага выканкама прыйшоў ліст, да якога прыкладалася апісанне будучых пабудоў на тэрыторыі замка, з малюнкамі. Змяшчаем малюнак тут, каб вы самі вырашылі, наколькі будынак, які праектуецца, падыходзіць пад апісанне "аднапавярховай драўлянай казармы". Цяпер зразумела, навошта ў замкавым двары залілі магутныя бетонныя падмуркі... Адзін з будынкаў, які з'явіцца ў двары Лідскага замка. Малюнак атрыманы ад Лідскага райвыканкама.


Дарэчы, начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар ЧАРНЯЎСКІ прызнаўся "Звяздзе", што гэтыя будынкі "не адпавядаюць гістарычнай праўдзе", бо няма дакладных звестак, што там насамрэч было. Ці збудуюць пасярод аднаго з галоўных замкаў Беларусі фантазію архітэктараў і праекціроўшчыкаў?..

 

Все права сохранены  ©  Город Лида - город мечты - Новая Лида

Перепубликация материалов, возможна только с устного или письменного разрешения администрации сайта!

https://lida.in/news/read/u_dvary_lidskaga_zamka_zbudujuc_trohpavarhovy_dom.html