Свае здольнасьці пакажуць таксама жанглёры з агнём і гурты сярэднявечнай музыкі й танцаў з Беларусі, Польшчы й Расеі, а "прыдворны балет" "Ardente sole" мае прадставіць старапольскія мініятуры, заснаваныя на музыцы і танцах эпохі барока.
Чакаць гэтага давялося паўтары гады. Першы рыцарскі турнір "Меч Лідзкага замку" адбыўся у верасьні 2005 году і наступны быў афіцыйна заплянаваны на жнівень 2006-га. Аднак мінулым летам улады правялі масавае сьвята лідзкага піва, а турнір адмянілі. Зрэшты, самі арганізатары адчулі: праводзіць яго штогод – даволі складаная справа. Выглядае, час ня быў змарнаваны і, мяркуючы па праграме ды сьпісах удзельнікаў, турнір падрыхтавалі даволі грунтоўна.
Трэба сказаць, што рыцарскі фэст адбываецца ў недабудаваным замку. Рэстаўрыраваць яго пачалі трыццаць гадоў таму, але так і не закончылі. Удзельнікі рыцарскіх клюбаў, аматары гісторыі, краязнаўцы, моладзь меркавалі – трэба дачакацца заканчэньня рэстаўрацыі і тады толькі наладжваць масавыя сьвяты. Аднак калі адновяць нарэшце замак, ня мог сказаць ніхто. Тым больш нядаўна абваліўся верх сьцяны, якую нядбайна паднавілі будаўнікі. Давялося дадаткова разбурыць яшчэ частку, што была ў аварыйным стане.
Цяпер у сьценах замку на турніры зьбіраюцца тысячы гледачоў. А паводле галоўнага архітэктара Лідзкага раёну Віктара Рудога, падрыхтаваны праект канчатковага аднаўленьня спадчыны Гедыміна, які быў пабудаваны ў 1323 годзе. Зараз трэба шукаць грошы, каб закончыць рэстаўрацыю.
Лідзкі замак – з найбольш захаваных на Гарадзеншчыне. Галоўным дасягненьнем рэстаўратараў стала поўная адбудова адной з дзьвюх вежаў, у якой разьмяшчаюцца музэйныя экспанаты.
Алесь Кавалёў